Новости

У Полацку з’явіўся рэстаран з беларускім каларытам

У Полацку з’явіўся рэстаран з беларускім каларытам

Добавлено: 27 июня 2017 в 14:52
3 919 просмотров

Праходзячы побач з полацкім чыгуначным вакзалам, цяжка не заўважыць яскравы банер з вялікімі літарамі: «Росквіт». Рэстаран пад такой назвай адчыніўся ў будынку «старога вакзалу» зусім нядаўна, але ўжо паспеў прывабіць аматараў якаснай кухні і стаць улюбёным месцам мясцовай культурнай «тусоўкі»: полацкіх музыкантаў, паэтаў, журналістаў…

Адметнасць рэстарану — у арыентацыі на беларускую мову: па-беларуску аздоблена меню, па-беларуску ж імкнуцца размаўляць з наведвальнікамі афіцыянты. Карэспандэнты 0214.BY не маглі абмінуць з’яўленне такой установы.

Мы завіталі ў «Росквіт» днём і вельмі прыемна ўразіліся коштамі на комплексныя абеды, якія прапануюць у будні з 12 да 16 гадзін (наогул рэстаран працуе да гадзіны ночы). Уявіце: кошты — як у сталовай, сэрвіс — рэстаранны! Асноўнае, «вячэрняе» меню, канешне, падаражэй будзе, аднак стравы настолькі смачныя, што грошай не шкада. Тым болей што кошты прымальныя і не перавышаюць сярэднія па рэгіёну.

Арганізацыя ўсёй гэтай справы — на плячах дзвюх дзеўчын, Алены і Дар’і. Алена гаспадарыць на кухні, а Даша — адміністратар. Яны працавалі тут яшчэ ў тыя часы, калі ў гэтым памяшканні месціўся рэстаран «Беларускай чыгункі». І калі з’явілася магчымасць адчыніць уласную справу, пытання ў выбары месца не стаяла: родныя сцены, як-ніяк.

— У розныя часы я працавала ў розных рэстаранах і ў Полацку, і ў Мінску, — распавядае Даша. — Вельмі часта прыходзілі турысты і дзівіліся: як жа гэта, калі ў самым старажытным беларускім горадзе няма ніводнай установы з сапраўдным беларускім каларытам? Таму менавіта беларускую канцэпцыю мы абралі, калі вырашылі адчыніць свой рэстаран. Канешне, зараз працуем над інтэр’ерам. Плануем усталяваць вітражы з беларускім традыцыйным арнаментам: гэта сімвал нашай народнасці. Нашы продкі верылі, што арнамент засцерагае іх ад бяды і дапамагае ў розных сітуацыях. Будзем верыць і мы!

На сценах з’явяцца фотаздымкі і карціны, партрэты выбітных дзеячаў Полаччыны. Вырашылі рабіць усё паступова, назіраючы за рэакцыяй гасцей. А рэакцыя, дарэчы, станоўчая. Па словах Дар’і, як турыстам з іншых краін, так і самім палачанам вельмі цікава чытаць назвы страў па-беларуску. Падабаецца ім і чуць беларускую мову, хоць афіцыянты могуць карыстацца і рускай, і англійскай — як папросяць кліенты. Рыхтуецца і меню, аздобленае на трох мовах. Аднак перавага — усё-ткі беларускай.

— Для нас вельмі прыемным адкрыццём стала тое, што моладзь, якая прыходзіць да нас, ухваляе наш фармат і таксама размаўляе па-беларуску, — прызнаецца Дар’я. — Ад пачатку, па шчырасці, мы не збіраліся быць у гэтым плане адметнымі, нам проста хацелася гатаваць добрыя стравы, каб людзі былі задаволеныя. Аднак мы пабачылі: беларускае падабаецца людзям. Пры гэтым у меню прадстаўлена не толькі беларуская кухня, але і еўрапейская: першая больш цікавіць турыстаў, другая — беларусаў. Неўзабаве з’явяцца і сапраўдныя вегетарыянскія стравы: іх бракуе ў кавярнях і рэстаранах Полаччыны.

Уладальніцы «Росквіту» імкнуцца зрабіць яго месцам сапраўды культурным, каб пазбавіцца ранейшай, «шпальнай» рэпутацыі. Тут будуць ладзіцца канцэрты, творчыя сустрэчы, выставы… Першы івэнт, дарэчы, адбыўся 28 ліпеня: гэта была лекцыя-гутарка з вандроўніцай, усходазнаўцам Хатару, якая праехала аўтаспынам усю Еўразію і вельмі цікава распавядае пра свае падарожжы.

0214.BY сумесна з «Росквітам» запускае розыгрыш вячэры ў рэстаране! Усе падрабязнасці — тут.

Ігар Палынскi

Оставить комментарий:

Комментировать новости могут только зарегистрированные пользователи.

Пожалуйста, зарегистрируйтесь или авторизуйтесь!

Мы в социальных сетях

Разработка дизайна Narisuemvse.by, разработка сайта 0214.BY