Новости

«Варган» ладзiць танцы!

«Варган» ладзiць танцы!

Добавлено: 27 июня 2017 в 12:44
32 991 просмотр

У Полацкім дзяржаўным універсітэце ўжо шмат гадоў існуе незвычайны калектыў, які стаў цэнтрам прыцягнення творчых і актыўных маладых людзей. «Варган» з'явіўся на базе гісторыка-філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам Вольгі Антонаўны Емяльянчык, якую студэнты ведаюць як дацэнта кафедры гісторыі і турызма. Мы паразмаўлялі з мастацкім кіраўніком калектыву і яго ўдзельнікамі і даведаліся, як жа з'явіўся «Варган», чым адметна беларуская традыцыйная культура і чым жывуць сённяшнія варганаўцы.

Гукі аўтэнтычных спеваў, зачаравальная моц голасу і жыццёвасці тэкстаў кожнай песні прымушае слухача, нават самага неспрактыкаванага, прыпыніцца і адчуць: «Вось яно, маё роднае». Але гэта роднае ў традыцыйных беларускіх народных песнях неабходна захоўваць і праслаўляць, чым і займаюцца ўдзельнікі фальклорнага гурта «Варган» і запрашаюць далучыцца ўсіх зацікаўленых.

- Вольга Антонаўна, як з'явілася ідэя займацца традыцыйнай беларускай музычнай культурай?

- Я сама са студэнцкіх гадоў, з пачатку 90-х, захапілася аўтэнтычнай культурай беларусаў. Хацелася дакрануцца да першакрыніц, зразумець, хто такія беларусы, што такое Беларусь, дзе нашы карані. І калі я трапіла першы раз у этнаграфічную экспедыцыю, мяне вельмі ўразіла жывое гучанне аўтэнтычнага спеву. Я зразумела, што гэтая музыка моцна адрозніваецца ад таго, што мы прызвычаліся чуць са сцэны. Сцэнічны фальклор – гэта спецыфічны жанр, разлічаны на тое, каб яго прадстаўляць са сцэны, весяліць народ, у той час як сапраўдная аўтэнтычная музыка скіравана на спажыванне самімі выканаўцамі. І гэтая музыка, як высветлілася, мае вельмі глыбокія карані. Гэта скарб, які назапашваўся многімі пакаленнямі, культура, якая нясе ў сабе ў cканцэнтранаваным выглядзе ўвесь вопыт эмацыйнага жыцця нашых продкаў.

Калі мы пачалі вывучаць традыцыйную культуру беларусаў, нам захацелася самім паспрабаваць выканаць гэтую музыку. Менавіта ў пачатку 90-х гадоў я пазнаёмілася з вядомымі беларускімі этнамузыколагамі Галінай Кутыровай і Тамарай Варфаламеевай. Гэта апантаныя, вельмі сур’ёзныя даследчыкі традыцыйнай спеўнай культуры беларусаў. Але, нажаль, так склалася, што ў нас няма этнамузыколагаў-практыкаў. У нас музыколагі вывучаюць, але самі не выконваюць, не спяваюць традыцыйныя песні.

І мы пачалі самi свой пошук. Мы пачалі самі шукаць сапраўдны аўтэнтычны гук. Навучыцца аўтэнтычнаму спеву можно было толькі адным шляхам: праз праслухоўванне запісаў і перайманне аўтэнтычнай манеры спеву. Методыкі не існавала, мы шукалі самі ў сабе гэтую методыку: шукалі спосаб здабывання гуку, шукалі спосаб, як правільна дыхаць. Увогуле я зразумела менавіта тады, што пераняць гэтую манеру можна, толькі зразумеўшы энергію гэтай музыкі.

Так ў 1996 годзе стварыўся фальклорны гурт «Гуда». Гэты гурт існуе да сённяшняга часу, я па-ранейшаму з’яўляюся не только адной з заснавальніц гурта «Гуда», але і яго ўдзельніцай. Мы выпусцілі некалькі дыскаў, агучылі мультыплікацыйны фільм «Дзед», які выйшаў на «Беларусьфільме» у 2012 годзе. У нас былі цікавыя супольныя праекты з іншымі творчымі калектывамі. Напрыклад, разам з гуртом сярэднявечнай музыкі «Drolls» з Петразаводску мы выпусцілі супольны альбом. Але «Гуда» ў Мінску, а я тут. Безумоўна, я выязджаю на розныя імпрэзы і фестывалі, удзельнічаю ў канцэртах і запісах «Гуды».

«Варган» - гэта не проста не проста хоббі, гэта яшчэ і стыль жыцця

- Як з'явіўся фальклорны гурт «Варган»?

- Я даўно хацела знайсці аднадумцаў у Полацку, хацела знайсці людзей, якія б падзялілі маё захапленне, якія б зразумелі ўсю прыгажосць і энэргетыку гэтай музычнай культуры. І мае думкі, мае жаданні ўрэшце рэшт матэрыялізаваліся. Да мяне прыйшлі людзі, студэнты, у якіх я выкладала. Першы склад фальклорнага гурта «Варган» - гэта студэнты-гісторыкі. Так мы пачалі ладзіць спеўныя рэпетыцыі.

«Варган» стаў цэнтрам прыцягнення цікавай моладзі, вельмі таленавітых людзей. І гэта ўжо не только студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, але і навучэнцы Наваполацкага музычнага каледжу, апошнім часам да нас далучыліся таксама і школьнікі. Я ўвогуле прыхільніца такога падыходу, каб у гурце бралі ўдзел людзі, якія самі цягнуцца да гэтай справы, у якіх ёсць нейкія струны душы, якія адгукаюцца на традыцыйную музыку.

- У якiх мерапрыемствах «Варган» прымае ўдзел?

- У Беларусi захаваўся вельмі архаічны пласт культуры, гэта каляндарны абрадавы фальклор. Мы стараемся жыць у календары, спяваць песні “да пары” – вясной мы спяваем вяснянкі, летам купальскія песні і жніво, зімой – каляды і г.д. Мы ўдзельнічаем у мерапрыемствах, якія арганізуе Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. З гэтым музеем мы сапрацоўнічаем даўно і плённа. Ужо стала традыцыяй прадстаўляць калядную праграму ў музеі, традыцыйным стала "гуканне вясны", удзел у правядзенні “Ночы музеяў”. Мы ўжо зрабілі традыцыяй святкаванне каляндарных святаў тут у нас ва ўніверсітэце: стараемся далучыць студэнтаў, каб яны пачулі гучанне сапраўднай традыцыйнай музыкі, сапраўдных спеваў.

- Але ж творчая дзейнасць «Варгана» на сённяшнi дзень не абмежавана спевамi. З восенi гурт ладзiць танцы i запрашае на вечарыны ўciх заахвочаных, i гэтыя мерапрыемствы сталi даволi папулярнымi. Як жа «Варган» пачаў танчыць?

- У мяне была такая аддаленая мара, якая заставалася для мяне абсалютна недасягальнай: мне хацелася, каб, акрамя спеваў, у нас з’явіліся таксама і традыцыйныя танцы. I такі цуд здарыўся. Я ўжо казала, што «Варган» стаў цэнтрам прыцягнення творчых людзей. Да нас прыйшла цудоўная дзяўчына, навучэнка Наваполацкага музычнага каледжа Вольга Фёдарава, якая прапанавала стварыць інструментальную групу. Асновай гэтай групы стаў акардыён Вольгі. Тут у нас знайшлася і скрыпка, на якой грае Антаніна Емяльянчык, з войска вярнуўся саліст нашага гурта Канстанцін Путронак, які грае на баяне, на бубне пачала вучыцца граць Яна Храмцова. I інструментальная группа пачала актыўна збірацца на рэпетыцыі і ствараць музыку танцавальную.

І другі цуд, які адбыўся ў верасні мінулага году – гэта тое, што сярод маіх спявачак знайшліся дзве неверагодна таленавітыя дзяўчыны, якія не только добра спяваюць, але якія, як высветлілася, вельмі хочуць і ўмеюць танчыць. Па ініцыятыве ўдзельніц гурта «Варган», Ганны Лутавай і Ксеніi Глот мы сталі праводзіць танцы. Дзяўчаты ўмеюць зразумець танец, яго малюнак. Яны самі шукаюць запісы, відэаматэрыялы. Ганна Лутава, напрыклад, запісала аж 14 танцаў ад сваей бабулі з вёскі Шастова Полацкага раёну. І гэта надзвычайна важна і каштоўна, таму што гэта культура полацкай зямлі, тутэйшая культура танцавальная. І застаецца только парадавацца, што гэтая моладзь робiць ўсё сама, ужо не я іх падштурхоўваю, імкнуся неяк прыцягнуць, зацікавіць. Яны самі настолькі крэатыўныя, настолькі зацікаўленыя, што ўжо не могуць жыць без гэтага.

І, дзякуй Богу, так супалі абставіны, што на базе будынкаў былога Полацкага езуцкага калегіўма ў Полацкім дзяржаўным універсітэце ёсць пляцоўка, месца, дзе можна збірацца, і праводзіць танцы. На танцавальныя сустрэчы мы чакаем усіх жадаючых. Дзяўчаты ахвотна паказваюць рухі, тлумачаць танцы, гучыць жывая музыка. У дзяўчат ужо ў саміх з’явілася мара – калі будзе цёплае надвор’е, мы перамесцімся ва ўніверсітэцкі дворык. І людзі, якія будуць хадзіць уздоўж, будуць чуць музыку. Магчыма, іх таксама зацікавіць, што ж там адбываецца, і яны далучацца да нашых танцаў.

Кавалачак шчасця ад іншых людзей

Мы вырашылi спытаць у дзяўчын-ўдзельніц гурта пра тое, як «Варган» стаў неад'емнай часткай iх жыцця.

Ксенiя Глот апынулася ў гурце ў 2012 годзе, калi сама яшчэ была першакурснiцай. Так сталася, что ў калектыў яе прывяла сяброўка, якая, аднак вырашыла, што ёй гэта не трэба, а Ксенiя засталася. Ды не проста засталася, а стала актыўнай удзельнiцай разнастайных iмпрэз і мерапрыемстваў, i да таго ж пачала ладзiць танцы.

- На пачатку было складана: усе прывыкалi, знаёміліся, я ўлівалася паступова. Аказалася, што не так яно і складана, калі людзі, аб'яднаныя адной нейкай мэтай, аднымі эмоцыямі, збіраюцца ўсе разам. Так нават прасцей. Ім, на самой справе, вельмі падабаецца. І гэта дае жыццёвы нейкі ўздым. Адчуваецца, што ты камусьці патрэбны, ты недзе ёсць, ты камусьцi належыш, і што гэта тваё месца.

- Як тваё жыццё змянілася пасля прыходу ў Варган?

- Я б сказала, што я стала часцей ездзіць па Беларусі, я стала часцей знаёміцца з нейкімі цікавымі людзьмі. Гэта значыць, я апынулася ў сферы, у якой нават не думала, што змагу калі-небудзь апынуцца, патрапіць сюды і круціцца ў ёй. Скажам так... Мне стала нашмат больш прыемна ў душы.

Разам з Ксенiяй вучыць ахвотных танцам Ганна Лутава, выпускнiца гiсторыка-фiлалагiчнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсiтэта.

«Варган», – распавядае нам Ганна, – гэта асаблівы Сусвет, асаблівы стан душы. Сюды можна не толькі прыйсці паспяваць, патанцаваць, пагутарыць з цікавымі людзьмі, тут можна проста пранікнуцца энергіяй сяброўства, супольнасці, ну і, вядома, зазірнуць у свае карані, у сваё мінулае, сваю гісторыю. Праз гэтыя песні i танцы адчуваеш прыналежнасць да свайго народу, да сваёй зямлі, сваіх каранёў. Асабліва калі сутыкаешся з традыцыямі, якія перадаюць твае ўласныя бабулі і дзядулі. Тыя ж танцы, напрыклад, я ў сваёй бабулі запісваю. Трапяткое нейкае дачыненне да гэтага ўсяго, такое непасрэднае дакрананне да гісторыі і да мінулага».

«У «Варгане» я, напэўна, ужо шосты год, я ўжо збілася з ліку, і сыходзіць я адсюль не збіраюся. Мае родныя думалі, што гэта на час, калі я вучылася ва ўніверсітэце, на гістарычным факультэце, што гэта простая нейкая забава, куды можна схадзіць пасля пар. Але гэта засталося, і я думаю, што гэта застанецца назаўсёды, на ўсё жыццё, я, магчыма, і дзяцей сюды прывяду. Гэта значыць, для мяне гэта тое месца, куды можна прыйсці, дзе можна адпачыць душой, целам, маральна і фізічна, дзе можна выплюхнуць нейкую сваю энергію, падзяліцца сваёй пазітыўнай энергіяй і, калі табе дрэнна, ўзяць кавалачак гэтага шчасця ад іншых людзей».

«Варган» запрашае на свае танцавальныя вечарыны кожную суботу ў дысказале кадэцкага корпусу ў Полацкiм дзяржаўным ўнiверсiтэце. Даведацца актуальную iнфармацыю можна ў суполцы ва УКантакце.

Больш фатаграфій шукайце тут.


Оставить комментарий:

Комментировать новости могут только зарегистрированные пользователи.

Пожалуйста, зарегистрируйтесь или авторизуйтесь!

Мы в социальных сетях

Разработка дизайна Narisuemvse.by, разработка сайта 0214.BY